“Папяльцовую сераду” і пачатак Вялікага посту адзначаюць католікі. Фотарэпартаж
Сёння каталіцкія вернікі адзначаюць “Папяльцовую сераду” — дзень, якім традыцыйна распачынаецца Вялікі пост. На працягу 40 дзён католікі будуць духоўна рыхтавацца да Вялікадня. Смартпрэс зрабіў фотарэпартаж з “Папяльцовай серады” з касцёла Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Ляхавічах.
Абрад пасыпання попелам у касцёле Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Ляхавічах, 2025 год
Сваю назву “Папяльцовая серада” атрымала ад абраду, які ў гэты дзень праводзіцца ў каталіцкіх святынях. Падчас святых Імшаў святар пасыпае галовы вернікаў попелам, пры гэтым прамаўляючы словы: “Ты прах і ў прах вернешся”, або: “Навяртайцеся і верце ў Евангелле”. У некаторых краінах замест пасыпання попелам проста робіцца знак крыжа на ілбе.
Пасыпанне попелам нагадвае пра тое, што жыццё чалавека хутка праходзіць, пакідаючы пасля сябе толькі пыл. Таму неабходна жыць па Божых запаведзях. Абрад заахвочвае католікаў будаваць сваё жыццё на Божым слове.
Гэты звычай таксама азначае жалобу, пакаянне і нагадвае пра неабходнасць пакоры. Праз прыняцце попелу на свае галовы вернікі выказваюць гатоўнасць быць у Божых руках і хочуць кіравацца ў сваім жыцці пакорай.
Попел для абраду атрымліваюць са спаленых мінулагодніх вербных і пальмовых галінак, якія былі асвечаны ў Вербную нядзелю.
У Папяльцовую сераду, а таксама ў Вялікую пятніцу, вернікі абавязаны прытрымлівацца сціслага посту. Можна толькі адзін раз паесці да сыта і два — лёгка перакусіць. Гэты абавязак адносіцца да католікаў ад 18 да 60 гадоў. Але, калі па аб’ектыўных прычынах пасціць не атрымліваецца, гэта не лічыцца грахом. Таксама ў выключных выпадках можна папрасіць дазволу не пасціць у мясцовага пробашча (святара, адказнага за пэўны прыход — Рэд.).
У гэтыя дні можна таксама ўзяць на сябе дадатковыя абмежаванні. Напрыклад, пост “толькі на хлебе і вадзе”. Але гэта — па ўласным жаданні вернікаў.
“Папялец” распачынае перыяд Вялікага посту, які доўжыцца 40 дзён — да пачатку вечаровай святой Імшы ў Вялікі чацвер. Ён лічыцца часам агульнага пакаяння і падрыхтоўкі да ўрачыстасці Уваскрасення Хрыста.
Асноўныя пакаяльныя практыкі ў гэты перыяд — пост, малітва і міласціна. Акрамя іх, вернікі могуць браць індывідуальныя пастановы. Тут ужо кожны выбірае сам. Хтосьці, напрыклад, не есць салодкае, хтосьці не карыстаецца сацсеткамі, або не слухае музыку і г.д. Таксама, паводле касцёльнай запаведзі, у гэты час нельга ўдзельнічаць у гучных забавах з музыкай і танцамі.
Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Ляхавічах
Фота: Марыны Валасар
Комментарии закрыты.